Празднуем Октябрьскую революцию? Как не праздновать!? Она ведь поменяла жизнь простого народа!…

Аўтар: Иваненко Николай. 6 ноября, 16:53  ·

Прыслала: Ганна Скачок БСДП (Грамада) Барысаўская гарадская арганізацыя.

Слава Богу за ўсё!

Горкая споведзь бабы Васіліны

(Гісторыя жыцця рэальнага чалавека запісана на дыялекце паўднёвага Палесься — Камарыншчына; фотаздымак Ірыны Казарог «Бабушка» носіць ілюстрацыйны характар і да гэтай гісторыі не мае дачынення)

Німашака ў мене, дзіцятка, нідзе нікога. Адна так і пражыла, зьвекавала ў дзеўках… Такая доля! Каму многа, а каму нічога. Жыву, ак бульняк ле дарогі, хто йдзе той ломіць… Усё трэ перацерпець… Такая мая жытка…

Я, дзіцятка, у маладых гадох дзеўка була гарна і камедна, штукарка була — за словам у карман не лезла. Жылі му добра, зажытачна, хоць і гаравалі дзень і ноч, свету не бачылі, але, слава Богу, і малі ўсе свае.

Хлопцы мене заўважалі, да Бог долі не даў…Раскулачылі нас да павезлі ў Сібір – мяне ў адзін бок, а хлопца, што ў сваты да мяне збіраўсе – ў другі, куды я й не знала. Мае татка з мамкай па дарозі захварэлі, падкінулась якаясь пагана балезь, да паўміралі: перш бацьку закапалі ў адном сяле, а чараз тыжджань матку – у другом.

Міне семнаццаць гадоў, сама шчэ дзіця, да хвора, а за карміцельку асталасе. Сёстры малые: старшай, што за мной, Ганні – чатырнаццаць, другой, Паўліні – восім, трэйцей, Сцепа звалася, – шэсць, а братку, Сяргейка буў – чацверты гадок. Галодные, босые, голые, а холад, як уздумаю, дак і сённі холадна…Гналі нас перш падводамі, тады ў таварнекох, а ў канцы зноў падводамі. Хто большы дак пешкі йшоў, а хто бальны да малы дак ужэ на вазу разрашалі сесць.

Міліцынеры, ці Бог знае хто яны, з ружжамі, дак тые на конех верхам ехалі.Мо тыжджне не прайшло, як мамку закапалі, умірае сестрычка, што шэсць гадоў, Сцепа. Ак сённі помню, пераспалі му ночку: хто на вазу, а хто пад возам, а раненька, нядзелька була, пабудзілі нас, да прыказалі далей іці. Я схапіласе, да хуценька памаліласе Богу, баялісе й маліцца, так, што б ніхто не бачыў…

Стала сваіх малых гледзець, а Степка халодна ўжэ. Я якась і не спужалась бнача, толькі такі ком к горлу падкаціўсе, што чуць аддыхалась. Падышла да канваіра, да прашусе, штоб разрашыў міне занесць яе на хутар, там недалечка ад нас буў — хат мо тры. Праўда разрашыў, толькі сказаў што б не длялась.

Панесла я ее, на руках перад сабой, яна маленька, худая, а несці важка. Я з сіл вубілася. Прышла з ёй пад хату, сабакі забрахалі, дак якаясь баба вуйшла, убачыла мене – спужалась. А я прашусь, штоб етае дзіцятка захавалі, бо мінеж іці трэ. Булі ў мене занізкі ў тры матузкі – красные, гарные, дак я знела з шыі да аддала. Пазвала яна чалавека, пасуветувалісь — сагласілісь. А я бачу, што на Сцепцы кухвайка веліка, да хуста, хоць і старая, а цёпла…

Думаю, на што яно ёй ужэ, здыму дак малога буду накрываць кухвайкай, а хусту сабе адзену, бо тожа прастужана була. Да такі грэх на душу ўзела – раздзела бедненьку, у адной спаднічцы да кохці кінула. Склала ёй ручкі на грудзях, пацалавала, загаласіць хацела, крэпка хацела, і не змагла…Прыбегла, дак яны ўжэ з места зрушылісь, а мае дзеці папужалісе, што мене немашака, да плачуць. Дагнала я іх – далей пашлі. Дзень пасці без воддыху ішлі, а ўвечары міне саўсім недобра зрабіласе, я ўпала і болей нічога не паметую. Апомніласе, а я ў больніцы, ніхто нічога пра мене не знае. Прывезлі, кажа, на вазу да скінулі і паехалі. Куды паехалі не сказалі, а прайшло ўжэ дней восім. Я слаба аніяка, а куды кінуцца, што рабіць не ведаю, дзе шукаць…

Трохі прышла ў сазнанне дак мяне з той больніцы вупісалі. Куды ні хадзіла, каго ні путала – ні чуткі, ні весьці… Дзе яны ці вужылі, ці паўміралі, па сёнешні дзень не знаю. Пеўне паўміралі, бо кеб жывуе булі ўжэ б звясцілі як.А я тады давай патрошку дадому дабірацца. Болей месяца ехала па таварнекох. Хвора, галодна, без капейкі грошай, у рванай Сцепчынай хусцы. Бувала заб’юсь у куток вагона і на ўсю голаву галашу, і вішчу, і выю, ак сабака, а слёз німашака. Пераберу ўсіх: і татку з мамкаю, і сястрычак з брацікам, і сваю долю горку – чаго не ўмерла, чаго асталась на мукі…

Калёсы вагонаў ляскаюць, жалезячча скрыгоча, крыку майго не чутно… Куды еду, к каму голаву прыхіну… Як толькі сума не сышла – не знаю.Дабралась такі да свае хаты, а там ужэ школа і пошта. А ў хлевох нашых калхознае ўсе стаіць. Пастаяла серад двара, паплакала, да пашла да цёткі ў Савічы, да матчынай сестры. Пака тая цётка мая галасіла, да мене накарміла, да памула, да адзела трохі, дак і міліцынер у хату. Хтось сабшчыў, што я вернулась…

Забраў ён мяне да ў Брагінь. Тамака мяне дапрошувалі мо разоў дзесяць адно і тое: адкуля ўцекла, да дзе була, да як дабіраласе. Тады пасадзілі ў камуру. Паслалі пеўне пісьмо ў тую больніцу аж у Сібір, дзе я була, да мо шчэ што ўзнавалі, ці не брашу…Цётка мая з бедных була, не кулачка. Дак пісала пісьма ўсюды, да крэпка за мяне прасіла. Чараз тры месецы, на весне, мене вупусцілі. Прышла я зноў да цёткі. А той хлопец, Іван, што сватаць мяне хацеў, уцёк з Сібіру, да давай мяне шукаць. Хто яму сказаў што я ў Савічах, але прышоў аднаго разу ноччу. Стукае, а му папужалісь з цёткай думалі, што зноў па мяне. Я схваціласе, пабегла адчыняць і па дарозі хлеба кусок ухапіла…

Так з куском хлеба і сустрэла яго. Абнелісе му і заплакалі абое…Цётка хацела лампу запаліць, дак ён не даў, сказаў, што ніхто не доўжан знаць, што ён у нас буў. О ета ўсяго і пабула я з ім. Цёмначы паседзелі, да трохі пагаварылі, а мо чараз які час ён і пашоў. Правела его за гарод, а ён рукі мае так крэпенька зціснуў да чараз слёзы прамовіў, што горка яму іці ад мяне, да астацца неможна. “Ці жыць, — кажа,- буду, ці ўмру, дак толькі ты ў серцы маём будзеш. А як дзе прытулак найду, да ціха будзе, я за табой вернусе….” І я хацела сказаць, што акрамя яго німашака ў мене нідзе нікога, што на яго ўсе мае надзеі і пра яго ўсе мае думы й мары, да й не сказала нічога. Абняў ён мене і пацалаваў у шчаку, а губы мокрыя ад слёз і халодные. Я іх і да сёнешнега дня не забуласе. Стаю, як камянюка якая, толькі ў грудзях сціснула, да так больна і абідна зрабіласе…

Чуло мае серца, што не пабачу болей его. Скора вайна пачаласе. А як нас свабадзілі – прыслаў пісемца, што на хронт папаў і болей нічога. Я ўсе ждала, мо дваццаць гадоў пасля вайны ўсе вуглядала. Думала, мо дзе ранены, ці калека…

Мо вернецца. Я б на край белага свету за ім паехала, я б забрала яго і без рук, і без ног, і сляпога, і ўсякага, абу жывуй. Я б яго, як малое дзіцятка глядзела да астальнега дзенёчка…Сколькі я думак за сваю жысць перадумала… Як бу му з ім жылі, да сколькіб дзетак у нас було, да екіе ім’ёны му б ім далі…

Федар і Марусе, ета его бацькоў так звалі, а маіх – Васіль і Кацёра… Серожкам бу за братку назвала і за сястрычак – Сцепка, Паўлінка, Ганна… У мене б багата булоб дзяцей! Я на дзяцей усю жысць завідувала…Міне можна було пайці замуж, находзілісе людзі, але я не змагла. Я здаецца і цеперака яго, Іванка сваго, жду. Скрыпнуць дзверы – дрогну і вуглядую ў вакно: нямашака нікога, вецер…Несправедлівасць веліка ў етам свеці, як па чалавечаскаму судзіць, а па Божаму, дак мо яно так і трэ…

Хто знае што каму луччай.

Дажываю во свой век, не згінула.

Разам з добрымі людзьмі і я…

Слава Богу за ўсе!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *